Нацыянальнае адзенне беларусаў © - Детский сад №569 г. Минска

Белару́скі нацыяна́льны касцю́м — комплексы адзення, абутку і аксесуараў, якія склаліся на працягу стагоддзяў для выкарыстання беларусамі ў штодзённым і святочным ужытку. Нацыянальны касцюм мае надзвычай высокую культурную каштоўнасць і з'яўляецца адным з этнічных атрыбутаў беларускага народа.
Вылучаюць прынамсі 3 разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма (у адпаведнасці з сацыяльнай прыналежнасцю): сялянскі, мяшчанскі, шляхецкі.

Беларускі сялянскі мае глыбокія гістарычныя карані і захаваў шмат архаічных рыс. Спалучаючы ў сабе практычнасць і эстэтычнасць, ён з'яўляўся і з'яўляецца значна большай рэччу, чым проста адзеннем ці нават мастацкім творам. Сялянскі касцюм беларусаў адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус прадстаўнікоў беларускага народа, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў дэкаратыўным арнаменце часам чытаюцца цэлыя змястоўныя гісторыі. Звычайна менавіта сялянскі касцюм маюць на ўвазе, калі вядуць гаворку пра нацыянальны касцюм беларусаў увогуле.
Мяшчанскі і шляхецкі нацыянальныя касцюмы ўпісваюцца ў агульнаеўрапейскія модныя тэндэнцыі, але пры гэтым маюць у сабе вялікую колькасць нацыянальных асаблівасцей, што дазваляе лічыць іх за разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма.


                                                ЖАНОЧАЕ АДЗЕННЕ

У тыповым варыянце традыцыйны жаночы комплекс складалі доўгая палатняная кашуля (сарочка), спадніца, фартух, безрукаўка. Кашулямела просты свабодны крой. Святочныя кашулі ўпрыгожваліся багатым вышываным ці тканым арнаментам на плячах, манжэтах рукавоў, каўнерыку, радзей – па ворату і падолу. Спадніца адносіцца да паяснога жаночага адзення. Неабходным кампанентам традыцыйнага жаночага ўбору быў фартух(хвартух, пярэднік, запаска). Яго рабіліся нярэдка з шарсцяной тканіны. Безрукаўка (камізэлька, шнуроўка, кабат, гарсэт, кітлік) зашпільвалася на гузікі ці шнуравалася па ворату, шчыльна аблягаючы жаночы стан. Верхняе (зімовае) адзенне жанчын нязначна адрознівалася ад мужчынскага. Світы, буркі, кажухі, шубы, насовы, кажушкі, сярмяжкі – усе гэтыя віды верхняга адзння ў аднолькавай ступені былі ўласцівы як мужчынам, так і жанчынам.

Сарочка («рубашка», «кашуля», «чэхлік»)

Сарочка з'яўляецца адным з асноўных кампанентаў комплекса і магла быць адзіным адзеннем. У мінулым гэтая частка жаночага адзення мела ўніверсальнае прызначэнне. Сарочка ўпрыгожвалася вышыўкай з выкарыстаннем чырвоных і чорных нітак, якая стала самым папулярным і асноўным спосабам упрыгожвання тканага адзення. 

Фартух

 

Яго насілі на Беларусі разам са святочным уборам і з паўсядзённым касцюмам. Фартухі шылі з адбеленай ільняной тканіны за 2-3 ночы. Злучаныя разам простым швом ці дэкаратыўным ажурам, палатнішчы тканіны збіралі ў зборку па адным краі на нешырокі пояс. Завязваўся ён па таліі і прыкрываў адзенне спераду, пакідаючы палоску спадніцы ўнізе. Святочныя фартухі ўпрыгожваліся вельмі багата і з вялікай фантазіяй, а штодзённыя былі больш сціплыя.

         Спадніца («панёва», «саян», «андарак»)

Адносіцца да паяснога жаночага адзення. Тэрмін «панёва» выкарыстоўваўся для абазначэння як тканіны, так і несшытай жаночай спадніцы. Андарак насілі жанчыны заможных саслоўяў для халоднага перыяду года. Такая спадніца лічылася святочным адзеннем, магла ўваходзіць у склад вясельнага касцюма. Тэрмін «саян» выкарыстоўваюць для абазначэння жаночага адзення, якое ўяўляе сабой спадніцу з прышытым ліфам.

Камізэлька (гарсэт)

Мужчынская ці жаночая верхняя вопратка без рукавоў. Упрыгожвалі яе      вышыўкай, карункамі, дэкаратыўнымі нашыўкамі і аплікацыямі.

МУЖЧЫНСКАЕ АДЗЕННЕ 

У тыповым варыянце традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складалі доўгая, амаль да каленяў, кашуля і штаны з даматканага палатна натуральнага (белага) колеру; галаўны ўбор – валеная з воўны або пашытая з сукна шапка (магерка), у зімовую сцюжу – вушанка (аблавуха) з аўчыны; асноўны абутак – лапці, часцей лыкавыя, больш заможныя па святах насілі скураныя боты.

З’яўляючыся неабходным элементам беларускага адзення, паясы адыгрывалі важную ролю ў звычаях і абрадах. Іх даравала нявеста свайму выбранніку напярэдадні і ў час вяселля, іх бралі з сабой, ідучы ў адведкі да парадзіхі, імі спавівалі нованароджаных і гадавалых дзяцей, іх ахвяравалі царкве, яны выкарыстоўваліся як рытуальныя атрыбуты ў час гаданняў, замоў, заклінанняў. Паясы вызначаліся вялікай разнастайнасцю, адрозніваючыся сваімі памерамі, наяўнасцю дадатковых дэталяў, узорным арнаментам, спосабам вырабу.

Галаўныя ўборы

Найбольш старажытныя ўборы мужчын– суконная ці футравая шапка сферычнай формы, у жанчын – чапец, дзяўчаты, апрача чэпчыкаў, насілі вянок. У ХVІІІ – ХІХ стст. найбольш пашыранымі галаўнымі ўборамі мужчын былі зімовыя аблавухі і шапкі-магеркі. У летнюю пару насілі капелюшы, ці брылі, якія плялі з саломкі, ліпавых валокнаў ці валялі з воўны, як і магеркі. Яны мелі шырокі аколыш і ўпрыгожваліся ўнізе дэкаратыўнай акаемкай. У канцы ХІХ ст. распаўсюдзіўся картуз (фуражка), крыху пазней – кепка, якая бытуе да нашага часу.

Асаблівай разнастайнасцю вызначаліся галаўныя ўборы жанчын, сярод іх – наміткі, чапцы, хусты, вянкі, галавачкі і інш. Замужнія жанчыны не маглі з’яўляцца ў грамадзе з непакрытай галавой, без наміткі, баючыся апраставалосіцца перад людзьмі. Уборам незамужніх дзяўчат была і скіндачка, што рабілася з кужэльнага палатна і мела больш вузкую сярэднюю частку і шырокія канцы.


Абутак

Найбольш пашыраным паўсядзенным абуткам беларускага сялянства на працягу некалькіх стагоддзяў былі лапці. Іх плялі з ліпы, лазы, пяньковых ці льняных вяровачак (аборкі). Лапці насілі разам з ільнянымі анучкамі, якімі абгортвалі нагу амаль да калена і замацоўвалі аборкамі ці рамянямі, што прапускаліся праз вушкі лапцей. Апрача плеценых, ужываліся і скураныя лапці – пастолы, вядомыя са старажытных часоў.У святочныя дні, асабліва калі ішлі ў царкву ці ехалі ў мястэчка на кірмаш, надзявалі боты (ці чобаты). Звычайна яны мелі высокія халявы (галянішчы), якія падкрэслівалі маемасны цэнз уладальніка, іх шылі па заказу ў майстроў-шаўцоў.

                                                    Лапці

Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровак. У мэтах надання трываласці падэшву лапцей падпляталі лазой, вяроўкамі і падшывалі скурай.
Выраб лапцей быў пераважна мужчынскім заняткам (іх плялі ў вольны ад работы час, у зімовыя вечары і інш.). Лапці насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года. Іх надзявалі на палатняныя анучы, зімой — на суконкі. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі.

Асноўныя комплексы і лакальныя разнавіднасці беларускага народнага адзення

Мелодыя беларускага народнага адзення шматгалосая. Адзінства ў шматграннасці выяўляецца ў ім на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў і найбольш рэльефна ў жаночым касцюме.
Паводле таго, з чым насілася кашуля (а ў сярэдзіне XX ст. блуза) у летнім убранні, у ім вылучаюцца чатыры асноўныя комплексы: са спадніцай (андарак, палатнянік) і льняным фартухом; са спадніцай (андарак, палатнянік), ільняным фартухом і гарсэтам (насілі яго і самастойна); са спадніцай (саян, андарак), да якой прышыты ліф-гарсэт, і льняным ці паркалёвым фартухом; з панёвай (тыпу плахты ці фартуха-запаскі), суконным фартухом, гарсэтам і поясам. Першыя два комплексы вядомы на ўсёй Беларусі, два другія - ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах. Кожны з іх па-свойму адлюстроўвае эвалюцыю касцюма ад старажытных, пазбаўленых крою адзежын з прамавугольных кавалкаў тканіны, да вытанчаных форм з багатай "інкрустацыяй" фальбонамі, складкамі, вытачкамі, швамі. У кожным адбіліся таксама асаблівасці побыту пэўных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў, такіх, як Заходняе і Усходняе Палессе, Прыдняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Наддзвінне.
Комплексы маюць шэраг разнавіднасцей, якія ўвасабляюць стылёвыя прынцыпы народнай творчасці ў тых ці іншых кутках Беларусі. Гэтыя лакальныя разнавіднасці і вылучаюцца як асобныя тэрытарыяльныя строі. Яны адрозніваюцца толькі асобнымі элементамі касцюма, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго сюжэтам, матывамі), каларытам, а таксама спосабамі нашэння частак касцюма. Геаграфічныя межы строяў выражаны не рэзка, бо былі зменлівыя ў розныя часы і залежалі ад сацыяльна-эканамічнага ўзроўню развіцця мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, якія ўплывалі на дыферэнцыяцыю гаспадаркі, адміністрацыйнага, царкоўнага і прыватнаўласніцкага падзелу тэрыторыі, кантактаў з насельніцтвам іншых нацыянальнасцей і г. д.
 
                                                                           Заходняе Палессе.
Беларускае Палессе - непаўторны ў прыродных і этнаграфічных адносінах край - край песень і казак, легенд і паданняў, а касцюм яго - жамчужына беларускага народнага мастацтва. Тут зберагліся поўныя хараства і мудрасці народныя ўборы, сама традыцыя апранацца ў самаробнае, маляўніча аздобленае адзенне. Менавіта на Палессі лакалізуюцца мастацкія асаблівасці з'яў, невядомых у іншых мясцінах Беларусі. Так, толькі на Брэстчыне сустракаецца цяжкая, з воўны спадніца - бурка, толькі тут яшчэ ў 30-50-я гг. нашага стагоддзя маладзіцы ўвіваліся акалястымі наміткамі - платамі, а свахі на вяселлі ўбіраліся ў "рожкі" ці "кветкі"-галаўныя ўборы з пукамі фарбаванага пер'я.
Кобрынскі строй вызначаецца манументальнасцю і класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту, велічнасцю і стройнасцю (дзякуючы кужэльнай намітцы) касцюма жанчын.
Пінска-Івацэвіцкаму строю ўласцівы прастата форм, чысціня ліній і сілуэта. Мотальскі строй выступае варыянтам Пінска-Івацэвіцкага. Вылучаецца белізной і тонкасцю кужалю, стрыманасцю арнаменту. Дамачоўскі строй цікавы стройнасцю і выразнасцю прыталенага сілуэта, сакавіта-мажорнай напружанасцю каларыту. Маларыцкі строй адметны архаічнымі элементамі адзення і галаўных убораў, маштабнасцю прапорцый, скульптурнай яснасцю ансамбля.

 

        Кобрынскі строй

 

      Пінска-Івацэвіцкі строй

 

          Мотальскі строй


                                                         
                                          Дамачоўскі строй                                                Маларыцкі строй      

 

                                                                          Усходняе Палессе.
Багаццем сродкаў мастацкага афармлення касцюма, разнастайнасцю старадаўніх і сучасных форм Усходняе Палессе не ўступае Заходняму. Вобразна-пластычнымі асаблівасцямі адзення яно блізкае да Цэнтральнай Беларусі і Прыдняпроўя. Калінкавіцкі строй - адна з вяршынь мастацтва беларускага народнага касцюма. Ён урачыста-маляўнічы і ў той жа час стрыманы, зачароўвае мяккай паэтычнасцю і вытанчанасцю густу. Брагінскі строй багаты разнастайнасцю форм паяснога адзення і шыйных упрыгожанняў, выкарыстаннем раслінных узораў у арнаменце. Турава-Мазырскі строй характарызуе стан нацыянальнага касцюма сярэдзіны XX ст. У ім шмат сучасных форм з паркалю, саціну; каларыту адзення ўласціва паліхромнасць, вышытыя гладдзю раслінныя ўзоры, якія ствараюць ілюзію аб'ёму. У Давыд-Гарадоцка-Тураўскім строі раскрываюцца архаічныя рысы касцюма тутэйшых местачкоўцаў. Своеасаблівую фантастычнасць і самавітасць надавалі яму арыгінальныя галаўны ўбор галовачка, гарсэт, ахоплены шырокім поясам, доўгая спадніца сукня, ускладнёныя здымныя ўпрыгожанні. 

 Калінкавіцкі строй

 

Калінкавіцкі строй

 

Брагінскі строй


 Турава-Мазырскі строй

 Давыд-Гарадоцка-Тураўскі строй

                                                        Прыдняпроўе.
Вялікі водны шлях па Дняпры, этнаграфічнае сумежжа трох брацкіх народаў - беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, узаемнае ўзбагачэнне культур садзейнічалі ўтварэнню ў Прыдняпроўі змешаных тыпаў касцюма. Тут замацаваліся таксама невядомыя ў іншых рэгіёнах тэхнікі ўзорыстага ткацтва (закладная), вышыўкі (гафт, тамбурнае шво), прыём маршчэння (збіранне тканіны ў гафрыраваныя складкі). У арнаменце сустракаюцца матывы дрэва жыцця, пальметы; вышыўка чырвонага або чырвона-чорнага колеру суседзіць з ахраматычнай гамай белага ці чорнага ўзору на серабрыста-белым фоне палатна. 
Магілёўскі строй, у якім былі два комплексы (кашуля, спадніца і фартух; кашуля, спадніца, фартух і гарсэт), сціплы і просты паводле аздаблення. Маляўніча павіваліся наміткі і саматканыя хусткі. Буда-Кашалёўскі строй адрозніваецца белым ці чорным каларытам вышывак, інтэнсіўным маршчэннем, гафтаваннем. Шырокія рукавы кашулі, неаздоблены чорны гарсэт ствараюць эпічны і выразны сілуэт касцюма. Краснапольскі строй вабіць багаццем кампазіцыйна-арнаментальных вырашэнняў. Кашулі ў ім кроіліся звычайна з гесткай, комплекс са спадніцай і прышыўным ліфам-гарсэтам нагадвае сарафан. Неглюбскаму строю ўласцівы комплекс з панёвай (тыпу платы), агульнае ўражанне ад якога - мажнасць і статнасць. У дзявочы гарнітур уваходзілі паясная адзежына калышка, галаўны ўбор кубак. 

 Прыдняпроўскі строй

 

        Магілёўскі строй

 

 Буда-Кашалёўскі строй

                                  

                           Краснапольскі строй               Неглюбскі строй

                                                            Цэнтральная Беларусь.
У цэнтральнабеларускіх строях найбольш яскрава выяўляецца стрыманасць і паэтычнасць нацыянальнага касцюма. Народныя майстры цураюцца, пазбягаюць знешняй эфектнасці і імпазантнасці вырабаў, імкнуцца да ўнутранай цэльнасці, гатычнай манументальнасці і тонкай выразнасці ансамбля.
У Пухавіцкім строі адлюстроўваюцца класічна- традыцыйныя прынцыпы мастацкага вырашэння адзення Цэнтральнай Беларусі: стройнасць і некаторая выцягнутасць лініі фігуры, ашчаднае, але змястоўнае аздабленне. Гарманічную ўраўнаважанасць Капыльска-Клецкаму строю прыдавалі чырвоны каптур, зялёны або цёмна-сіні гарсэт, вясёлкавыя пералівы андарака, прастата і яснасць арнаменту. Вобразная сістэма Слуцкага строю - у вялікіх, нібы буслянка, галаўных уборах (адмыслова павітая хустка), доўгіх цёмных гарсэтах, у амаль поўнай адсутнасці натыкання і вышыўкі. Вышыўка не адыгрывае вялікай ролі і ў Вілейскім строі, дзе народныя майстры як мага паўней выкарыстоўвалі прыродныя якасці льну, сукна ці крамных тканін. Прыкметнымі часткамі адзення былі тут аксамітны ці шаўковы каптур і суконны бурнос. Ляхавіцкі строй уражвае арыгінальнасцю і маляўнічасцю жаночых галаўных убораў (падвічка, намітка ці хустка, аздобленая пукамі зеляніны, букетамі кветак), сакавіта-напружанымі колерамі андаракаў і спадніц-выбіванак, разнастайнымі шыйнымі, нагруднымі і наспіннымі ўпрыгожаннямі (пацеркі, стужкі, абразкі). 

 Пухавіцкі строй

Капыльска-Клецкі строй

 Слуцкі строй

                                    
                          Вілейскі строй                                                    Ляхавіцкі строй



                                                                             Панямонне.
Касцюм Панямоння мае шмат агульнага з цэнтральнабеларускім. Назіраецца схільнасць, асабліва ў паясным адзенні, да зялёнага і валошкавага колераў. Касцюм гэтага рэгіёна рана зазнаў уплыў гарадской моды, што адбілася ў спецыфіцы верхняй вопраткі. 
Ваўкавыска-Камянецкі строй - узор выключнай адпаведнасці крою і аздаблення касцюма постаці чалавека. Дынамічнасць і ўзнёсласць мастацкага вобраза дасягалася каскадам складак андарака, світкі і выбеленага кужалю наміткі. Адметныя часткі Навагрудскага строю - кашуля-гарсоўка, чорны з кляпамі баскі гарсэт, кароткая з белага сукна абціслая курта (жакетка). У аздабленні вытрымліваецца своеасаблівы рытм і маштаб дэталей. Мастоўскі строй спалучае сакавітасць тонаў цёмна-сіняга ці малінавага андарака з адносна беднай распрацоўкай арнаменту. Выразная частка касцюма - кароткая курта (разнавіднасць світы). 

 

Ваўкавыска-Камянецкі строй

 

  

Ваўкавыска-Камянецкі строй

 

 

Навагрудскі строй

                                     
                                  Мастоўскі строй                                         Мастоўскі строй
 

                                                                         Наддзвінне.
У параўнанні з іншымі рэгіёнамі Наддзвінне найменш захавала старадаўнія і традыцыйныя формы адзення. З прычыны геаграфічных і сацыяльна-эканамічных фактараў тут у сярэдзіне XX ст. распаўсюдзіўся касцюм накшталт гарадскога, а ў вырабе тканін - ручная набойка. Менавіта набойка істотна паўплывала на вобразна-пластычны і арнаментальна-каларыстычны лад касцюма. У строях наглядаецца ўлюбёнасць у блакітны колер і дробнаклятчасты ўзор у паясным адзенні. Асноўным з'яўляўся комплекс з прышыўным ліфам, у асобных раёнах - сарафан. Абавязковым кампанентам жаночага гарнітура быў фартух. 
Дубровенскі строй мае даўні (са спадніцай, ільняным фартухом і куртай - безрукаўка з сукна, пацягненага белым каленкорам) і больш позні (са спадніцай, прышыўным ліфам і поясам) комплексы. Чырвона-бардовы колер вышывак часта дапаўняецца блакітным і жоўтым. Лепельскі строй характарызуецца спалучэннямі белага, блакітнага, вохрыста-жоўтага і чорнага колераў у аднатонных ці пярэстатканых спадніцах, лагічнай кампазіцыяй дэкору і яснай архітэктонікай. 

 Дубровенскі строй

     Дубровенскі строй

   

 Дубровенскі строй

                                                
                                  Лепельскі строй                              Лепельскі строй
         


Мастацкая спадчына беларускага народнага адзення яркая і непаўторная. Неад'емная частка духоўных здабыткаў нацыі, яна дапамагае фарміраваць культурны воблік сучасніка, плённа паслужыць новым пакаленням. Беларусь, якая заняла "свой пачэсны пасад між народамі" (Я. Купала), ганарыцца сваёй спадчынай па праву, па высокаму сыноўняму абавязку.